Свята роднай мовы ва ўстановах адукацыі Клецкага раена

21.02.2020

Беларуская мова мае непараўнальнае зачараванне, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт, гэта сапраўды ўнікальная мова, самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх моў.

   Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці, ціхага журчання яе песень-калыханак. Родная мова – гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і душа народа, люстэрка духоўнага жыцця. Кожны народ, як найвялікшы скарб, шануе родную мову, бо пакуль жыве мова, жыве сам народ, гэта, як карані, якія трымаюць яго.

         Ва ўстанове адукацыі Клецкая сярэдняя школа № 1 у рамках Міжнароднага дня роднай мовы прайшла квэст-гульня “Знаўцы роднай мовы”, удзельнікамі якой сталі вучні 5-11 класаў. З маршрутнымі лістамі каманды перамяшчаліся па станцыях, дэманструючы свае веды па культуры, літаратуры і мове. Пераможцы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі.

         Вучні пачатковых класаў мелі магчымасць здзейсніць цікавае падарожжа па неабсяжнай Краіне Мовазнаўства, уладарка якой - спадарыня Мова. Праведзеныя мерапрыемствы былі накіраваны на ўзбагачэнне лексічнага запасу вучняў,на развіццё кемлівасці і дапытлівасці.

Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія г.Клецка” Макрэцкай Жаннай Аляксандраўнай праведзена інтэлектуальна-пазнавальнае падарожжа “Век жыві – век вучыся”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каманды вучняў 5-7 класаў.

Напярэдадні свята гімназістаў чакаў паэтычны ветразь “У вянок роднаму слову”. Хлопчыкі і дзяўчынкі 5-11 класаў атрымалі магчымасць пачуць вершаваныя і празаічныя творы беларускіх аўтараў у выкананні сваіх сяброў. Са сцэны гучалі словы Янкі Купалы, М. Багдановіча, П. Панчанкі, П. Броўкі і інш. Найбольш запомніліся выступленні Аўдзіенкі Дар’і (9 клас), Славута Аліны (7 клас), Цэхана Станіслава (6 клас), Вараб’ева Максіма (5 клас), Чаплюк Вікторыі (7 клас), Лешыка Максіма (11 клас). Відэаролікі з выступленнямі апублікаваны ў сацыяльным сеціве Instagram пад хэштэгам #святамовы2020.

 Вучні 1-7 класаў, выхаванцы дашкольнай групы, педагогі дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Гурнаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Клецкага раёна” прынялі ўдзел у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Усе ўдзельнікі акцыі атрымалі сімвалічныя васількі ў знак згоды размаўляць па-беларуску. На працягу дня праводзіліся музычныя перапынкі “Мелодыі роднай зямлі”, на якіх гучалі песні на беларускай мове.

Цікавыя мерапрыемствы да свята прайшлі ў ДУА “Клецкая сярэдняя школа № 2”. Сакалоўская Ангеліна, вучаніца 10 класа, прыняла ўдзел у конкурсе БРСМ на лепшае чытанне верша на роднай мове “Беларуская мова – крыніца натхнення!” і ў фотаконкурсе сэлфі “Мая беларуская кніга”.

 Паважлівым адносінам да роднага слова садзейнічала экскурсія вучняў ДУА “Заастравецкая сярэдняя школа Клецкага раёна” ў гісторыка-этнаграфічны музей аг.Заастравечча “Жыццё і побыт беларусаў”, а таксама экскурсіі па гістарычных мясцінах Нясвіжа, наведванне палаца-паркавага комплексу Радзівілаў.

  Ва ўстанове адукацыі “Янавіцкая сярэдняя школа Клецкага раена”прайшло святочнае мерапрыемства “Святло роднага слова”. Вучні школы з 3 па 11 клас прынялі актыўны ўдзел у флэшмобе “Чытаем па-беларуску”, а таксама ў творчых заданнях: “Смак роднай мовы”, “Успомнім класіку” і ў віртуальнай акцыі “Памаўчы па-беларуску”.

Ва ўстановах адукацыі Арэшніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа Клецкага раёна, Лазавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна, Азярэчанская сярэдняя школа Клецкага раёна былі праведзены турніры знаўцаў роднай мовы .


поделиться в: